Эўрапейскі парлямэнт 8 ліпеня прагаласаваў за ўступленьне Баўгарыі ў эўразону, ухваліўшы даклад эўрадэпутата Евы Майдэль.
З 679 эўрадэпутатаў 531 прагаласавала «за», 69 — «супраць», а 79 устрымаліся.
Майдэль заявіла ў дакладзе аб гатоўнасьці Баўгарыі да ўступленьня ў эўразону:
«Нягледзячы на тое, што гэты даклад можа здацца даволі тэхнічным, для кожнага баўгарына з апошніх трох пакаленьняў гэта нешта значна большае. Баўгарыя гатовая, Эўропа гатовая, давайце зробім гэты крок разам», — сказала Майдэль з трыбуны.
Гэтая навіна зьявілася на фоне пратэсту супраць уступленьня Баўгарыі ў эўразону перад будынкам прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі (ЭК) у Сафіі, паведамляе Баўгарская служба Радыё Свабодная Эўропа.
Тым часам Рада па эканамічных і фінансавых пытаньнях Эўразьвязу (ECOFIN) прагаласавала па трох рашэньнях — аб даданьні Баўгарыі ў сьпіс краін эўразоны, аб усталяваньні абменнага курсу лева да эўра і аб увядзеньні эўра. Гэта стала канчатковым рашэньнем, яко надае Баўгарыі зялёнае сьвятло на ўвядзеньне эўра 1 студзеня 2026 году, і тады краіна стане 21-м чальцом адзінай валютнай зоны, перадае агенцтва AFP.
Гэтае знакавае рашэньне прынята пасьля справаздачы Камісіі аб канвэргенцыі за 2025 год ад 4 чэрвеня, у якой была зробленая выснова, што Баўгарыя пасьпяхова выканала крытэрыі для далучэньня да эўразоны, ацэнка была дапоўнена справаздачай Эўрапейскага цэнтральнага банка, апублікаванай у той жа дзень.
Рада Эўразьвязу таксама ўстанавіла афіцыйны курс канвэрсіі, што адкрые шлях для бесьперашкоднага пераходу ад лева да эўра.
Валдзіс Дамброўскіс, эўракамісар па эканоміцы, заявіў з гэтай нагоды: «Эўра станоўча ўплывае на рост дзякуючы поўнай інтэграцыі ў адзіны рынак ЭЗ, дзе тавары і паслугі Баўгарыі стануць больш канкурэнтаздольнымі. У доўгатэрміновай пэрспэктыве эўра прыносіць больш стабільныя цэны і павышае ўстойлівасьць эканомікі да раптоўных узрушэньняў».
Эўрапейская камісія ў мінулым месяцы заявіла, што найбяднейшая краіна ЭЗ выканала строгія ўмовы для ўвядзеньня эўра, і Эўрапейскі цэнтральны банк (ЭЦБ) таксама даў станоўчае заключэньне.
Складаны шлях да эўра
Шлях Баўгарыі ў эўразону суправаджаўся бурным палітычным фонам: сем выбараў за тры гады, апошнія зь якіх былі ў кастрычніку 2024 году.
Яе заяўку афіцыйна ўхвалілі міністры фінансаў ЭЗ на сустрэчы ў Брусэлі, прыняўшы праўныя дакумэнты, неабходныя для гэтага гістарычнага кроку.
Але многія баўгары выступаюць супраць пераходу на эўра, баючыся, што ён прывядзе да росту кошту жыцьця. Пратэсты адбываліся да і пасьля рашэньня Эўракамісіі, а апытаньні, праведзеныя раней, паказалі, што амаль палова баўгараў супраць пераходу на эўра, піша AFP.
Прыхільнікі пераходу лічаць, што гэты крок дапаможа палепшыць эканоміку Баўгарыі і жыцьцё грамадзян.
Рашэньне на карысьць прыняцьця эўра — другі буйны крок Баўгарыі ўсяго за год на шляху да поўнай інтэграцыі ў Эўрапейскі Зьвяз.
У студзені Сафія стала паўнапраўным чальцом Шэнгенскага пагадненьня, і межы Баўгарыі з суседнімі Грэцыяй і Румыніяй цяпер цалкам адкрытыя.
У Сафіі і іншых гарадах краіны адбыліся масавыя пратэсты, і пасьля прыняцьця рашэньня палітыкі заявілі, што цяпер задача — пераканацца, што ўвядзеньне эўра прынясе карыць.
Урад заявіў , што будзе працаваць над тым, каб зрабіць працэс увядзеньня эўра плаўным і прадказальным.
Зялёнае сьвятло далі падчас росту курсу эўра да даляра ЗША —наступства таго, што пратэкцыянісцкая гандлёвая палітыка прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пахіснула давер да амэрыканскай валюты. Кіраўнік ЭЦБ Крыстын Лягард у траўні выступіла за наданьне эўра статусу глябальнай рэзэрвовай валюты, заявіўшы, што павышэньне яго міжнароднай ролі дасьць Эўразьвязу перавагі, у тым ліку ніжэйшыя выдаткі на пазыкі для дзяржаваў ЭЗ.
Як пашыралася эўразона
Калі 1 студзеня 2002 году ўвайшлі ў абарачэньне першыя банкноты і манэты эўра, у адзіную валютную зону ўваходзіла толькі 12 краін, у тым ліку Францыя, Нямеччына, Італія, Гішпанія і Грэцыя.
Эўразона паступова пашыралася: у 2007 годзе да яе далучылася Славенія, у 2008 годзе — Кіпр і Мальта, у 2009 годзе — Славаччына, у 2011 годзе — Эстонія, у 2014-м — Латвія, а ў 2015-м — Літва. Харватыя на гэты момант апошняя краіна, якая перайшла на эўра ў 2023 годзе, у выніку чаго агульная колькасьць краін эўразоны дасягнула 20.
Баўгарыя хацела ўвесьці эўра раней, але Брусэль палічыў, што інфляцыя ў краіне занадта высокая, каб сытуацыя адпавядала неабходным крытэрам. Дзяржавы ЭЗ, якія хочуць далучыцца да зоны адзінай валюты, павінны прадэманстраваць, што іх эканоміка зблізілася зь іншымі краінамі эўразоны і што яны кантралююць свае фінансы. Умовы ўключаюць у сябе ўтрыманьне інфляцыі, ня больш чым на 1,5% вышэйшай за ўзровень трох краін ЭЗ з найлепшымі паказьнікамі. Калі Брусэль у чэрвені падтрымаў ініцыятыву, ён заявіў, што сярэдні ўзровень інфляцыі ў Баўгарыі за 12 месяцаў да красавіка 2025 году склаў 2,7 працэнта, што крыху горш за эталённае значэньне.
Форум