Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брату Ігара Лосіка Мікіту прысудзілі тры гады «хіміі» па справе «Беларускага Гаюна»


Мікіта Лосік.
Мікіта Лосік.

Віцебскі абласны суд разглядаў справу ў адкрытым працэсе. Прысуд стаў вядомы 8 ліпеня.

26-гадовага Мікіту Лосіка затрымалі ў Воршы ў пачатку красавіка 2025 году, прычынай затрыманьня стала так званая справа «Беларускага Гаюна».

Лосіка абвінавацілі паводле артыкулу 361. 4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Па вэрсіі сьледзтва, Мікіта Лосік у лютым 2022 году даслаў на канал некалькі фотаздымкаў расейскай вайсковай тэхнікі, якая ехала праз Воршу.

Пасьля абвяшчэньня прысуду Мікіту вызвалілі ў залі суду. Прысуд уступіць у законную сілу праз 10 дзён. Адбываць пакараньне Мікіта Лосік павінен ва ўстанове адкрытага тыпу.

Мікіта — малодшы брат палітвязьня Ігара Лосіка, журналіста Свабоды, асуджанага на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі ўжо больш за пяць гадоў.

Сёлета ў лютым стала вядома, што сілавікі атрымалі доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі гаюн». Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і заявіў пра спыненьне працы каналу. Свабодзе вядома як мінімум пра некалькі выпадкаў арыштаў, падставай для якіх сталі прысланыя вясной 2022 году ў «Беларускі Гаюн» фота і відэа з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай. Арыштаваным выставілі абвінавачаньні ў «спрыяньні экстрэмізму» паводле 4-й часткі 361-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Яна прадугледжвае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі або пазбаўленьня волі да сямі гадоў.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG