Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі махляры запалохваюць «справамі ў КДБ», каб грамадзяне адкупляліся


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі аб пашырэньні махлярскай схемы выманьваньня грошай у грамадзян, калі іх запалохваюць «справамі ў КДБ» нібыта кіраўнікі арганізацыяў, у якіх яны працуюць.

У паведамленьні, у прыватнасьці, апісваюцца два выпадкі ў Гомельскай вобласьці.

Адзін мужчына атрымаў у мэсэнджары паведамленьне ад карыстальніка, які меў фота і прозьвішча яго кіраўніка. Той сьцьвярджаў, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі правярае яго датычнасьць да распаўсюду пашпартных зьвестак супрацоўнікаў. Каб спыніць гэты працэс, пацярпеламу прапанавалі ўзяць крэдыт і перавесьці грошы на рахунак. Мужчына ўзяў у розных банках 65 тысяч рублёў пазыкі і пералічыў невядомым праз сэрвіс «Юнистрим». Яму сказалі чакаць позвы на допыт; не дачакаўшыся, ён зразумеў, што яго падманулі, і зьвярнуўся да міліцыі.

У другім выпадку жанчына атрымала паведамленьне ад нібыта намесьніка генэральнага дырэктара ў ідэалёгіі, які сьцьвярджаў, што на яе імя адкрыты банкаўскі рахунак, а таксама аформленыя некалькі крэдытаў. З рахунку нібыта спрабавалі адправіць грошы ва Ўкраіну. Каб ануляваць крэдытныя дамовы, ёй прапанавалі ўзяць «сустрэчны» крэдыт і пералічыць грошы.

У чаканьні адказу банку аб афармленьні крэдыту яна вырашыла наўпрост зьвярнуцца да ідэоляга прадпрыемства і запытаць аб сапраўднасьці гэтых паведамленьняў. Такім чынам яна змагла ўнікнуць фінансавых стратаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG