Прадпрымальнікаў выціскаюць з цыгарэтнага рынку

У дзяржаўных крамах цыгарэты можна набыць блёкамі

Берасьцейская аптовая база кампаніі "Табак-Інвест" адмаўляецца прадаваць прадукцыю прадпрымальнікам. Прадстаўнікі кампаніі тлумачаць гэта недахопам сыравіны. А прадпрымальнікі лічаць, што такім чынам іх выціскаюць з рынку.

У прыватных шапіках Берасьця немагчыма набыць цыгарэты вытворчасьці беларускай кампаніі "Табак-Інвест". У гэты самы час у дзяржаўных крамах і гіпэрмаркетах каля кас вісяць аб'явы пра тое, што цыгарэты гэтай фірмы можна набываць блёкамі.
Уладзімер Катрыч

Індывідуальны прадпрымальнік Уладзімер Катрыч кажа, што ад першага красавіка Берасьцейская аптовая база "Табак-Інвест" спыніла продаж цыгарэт для ІП. Катрыч упэўнены, што на самой справе цыгарэты існуюць на базе ў вялікай колькасьці.

Прадстаўнік аптовай базы паведаміў, што кампанія з-за складанасьцяў на валютным рынку прыпыніла вытворчасьць сваёй прадукцыі:
Прадаем у асноўным дзяржаўным крамам. Чаму такія ў нас прыярытэты? Без камэнтароў

"Праблема ў тым, што цяпер востры недахоп сыравіны. Таму фабрыка практычна спыніла вытворчасьць цыгарэтаў. Таму цяпер прадаем у асноўным дзяржаўным крамам. Чаму такія ў нас прыярытэты? Ну, я вам не адкажу на гэтае пытаньне. Без камэнтароў".

Берасьцейскія прадпрымальнікі вымушаны набываць цыгарэты ў дзяржаўных крамах, каб пасьля прадаваць у сваіх шапіках.

Уладзімер Катрыч зазначае, што ўлады Берасьця робяць чарговы крок, каб зьнішчыць індывідуальных гандляроў. Першым крокам, кажа прадпрымальнік, быў гандаль у шапіках півам:

"Гэта чарговы крок зацікаўленых асобаў, каб зьнішчыць малы бізнэс у краіне. Законным шляхам абмежаваць гандаль практычна немагчыма. Таму сытуацыя падобная на тое, што чыноўнікі забаранілі базам прадаваць цыгарэты дробным прадпрымальнікам. Як можна патлумачыць, што для прадпрымальнікаў зь першага красавіка шэраг марак цыгарэт не адпускаецца? Прычым ніхто не тлумачыць, у чым прычына".
Цяпер эканамічная сытуацыя складаная. Буйным крамам не патрэбныя дробныя бізнэсоўцы, якія адцягваюць спажыўцоў.

Прадпрымальнік Уладзімер Катрыч кажа: супрацоўнікі аптовай базы "Табак-Інвест" раней прызнаваліся, што яны маюць пастанову, паводле якой індывідуальным прадпрымальнікам забаронена адпускаць цыгарэты.

Прадпрымальнікі зьвярнуліся да кіраўніцтва Берасьцейскай вобласьці. Старшыня аблвыканкаму Канстанцін Сумар абяцаў разабрацца ў сытуацыі.

Віктар Чайкоўскі
Аднак адзін зь кіраўнікоў прадпрымальніцкага руху Берасьця Віктар Чайкоўскі кажа, што ня верыць такім абяцаньням:

"Я мяркую, што гэта мэтанакіраванае зьнішчэньне дробнага гандлю. Цяпер эканамічная сытуацыя даволі складаная. Буйным крамам не патрэбныя дробныя бізнэсоўцы, якія адцягваюць спажыўцоў. Цяжка сабе ўявіць, што губэрнатар афіцыйна падпіша распараджэньне аб забароне продажу цыгарэт прадпрымальнікам. Гэта можа выклікаць абурэньне ў бізнэсовым асяродзьдзі. Цяпер чыноўнікам выгадна казаць, што складаная сытуацыя з валютай і гэтак далей. А на самой справе дробны і буйны гандаль пастаўленыя ў няроўныя ўмовы".