«Пік Свабоды». Ціснуць на рэжым ці дамаўляцца зь ім — двубой Мацкевіч і Красуліна

Сьвятлана Мацкевіч, Дональд Трамп, Аляксандар Лукашэнка, Яўген Красулін, каляж

Калі ЗША здымуць санкцыі з беларускага рэжыму, а Лукашэнка вызваліць усіх палітвязьняў, ці будзе ён набіраць новых? Чаму Эўропа не падзяляе падыходы Трампа да Лукашэнкі? Пра што гаворыць вопыт папярэдніх раўндаў нармалізацыі адносінаў Беларусі і Захаду?

Па гэтых пытаньнях у праграме «ПіК Свабоды» спрачаюцца сябра асацыяцыі сваякоў палітвязьняў і Каардынацыйнай Рады Сьвятлана Мацкевіч і гісторык Яўген Красулін.

— Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію выданьню Politico зьвярнулася да прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. «Нельга нармалізаваць сытуацыю, пры якой людзей адпускаюць у абмен на саступкі з вашага боку ці то зьмякчэньне санкцый, ці проста публічную ўвагу. Лукашэнку неабходна пакараць, а не заахвочваць», заявіла Ціханоўская. Ня ўсе згодныя з такой пазыцыяй. Сярод крытыкаў Сьвятлана Мацкевіч. Сьвятлана, хіба не галоўны аргумэнт у падтрымку пазыцыі Ціханоўскай Лукашэнка набярэ новых палітвязьняў. Што ўлагоджваць яго гэта як плаціць шантажысту. Хіба не?

Мацкевіч: У Лукашэнкі зараз адзінае, што ён можа прапанаваць для абмену — гэта ўсе палітвязьні, якіх ён узяў на працягу 5 гадоў. Кантэкст перамоваў, якія ЗША вядуць зь ім, ня зьвязаны з унутранай сытуацыяй у Беларусі. Што да аргумэнту, што зь яго здымуць санкцыі, ён усіх вызваліць, а потым набярэ новых палітвязьняў — дык ён і раней набіраў, і зараз набірае, незалежна ад таго, ёсьць перамовы ці не. Я не выключаю, што ў выпадку такога пагадненьня ён будзе працягваць саджаць палітвязьняў. Але ж людзі, якія сядзяць зараз, выйдуць на волю.

Каб спыніць рэпрэсіі, трэба прайсьці пэўныя стадыі працэсу. Каб Лукашэнку было выгадна прыпыніць рэпрэсіі. Трэба падзяліць два працэсы — працэс вызваленьня палітвязьняў і працэс рэпрэсіяў. Іх зьмешваць у кучу нельга.

Яўген, у 2008-м і 2016-м санкцыі здымалі, а новых палітвязьняў Лукашэнка не набіраў, у прыватнасьці, у ранейшых маштабах. Можа і зараз не набіраў бы, калі б зь ім заключылі зьдзелку?

Красулін: Мы памятаем, як у 2015 годзе вяліся дакладна такія ж спрэчкі, таксама некаторыя казалі, што трэба дамагацца вызваленьня палітвязьняў любой цаной. Вось тады рэжыму і пайшла карта.

Дарэчы, тады палітвязьняў былі адзінкі. Іх усіх тады вызвалілі нібыта праз «гуманізм» уладаў. Але ў 2020 годзе і пазьней некаторых зь іх ізноў пасадзілі і на больш працяглыя тэрміны.

А плюс да гэтага яшчэ тысячы людзей трапілі за краты. І гэта адпавядае лёгіцы гістарычнага разьвіцьця падобных рэжымаў. Ня варта казаць, што тыя, каго вызваляюць, і тыя новыя, каго саджаюць — гэта розныя трэкі. Гэта адзін трэк — трэк рэпрэсіяў.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.