У структуры МЗС Украіны створаць упраўленьне недружалюбных краін. Сярод іх Беларусь

Будынак Міністэрства замежных справаў Украіны. Кіеў. Ілюстрацыйнае фота

Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга падпісаў загад, якім зацьвердзіў новую структуру міністэрства.

Як украінскі міністар паведаміў на сваёй старонцы Facebook, новая структура адпавядае «рэаліям вайны і найлепшым эўрапейскім і ўсясьветным практыкам».

«Гэта структура сучаснага, моцнага і прагрэсіўнага замежнапалітычнага ведамства эўрапейскай дзяржавы. Але гэта таксама структура МЗС краіны ў вайне. Краіны, якая змагаецца за сваё жыцьцё, свабоду, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць», — падкрэсьліў Андрэй Сыбіга.

Як вынікае зь ягонай публікацыі, у структуры МЗС Украіны цяпер ня будзе і амбасадара для асаблівых даручэньняў у пытаньнях Беларусі. На гэтай пасадзе, створанай у лютым 2024 году, працаваў колішні пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, але сёлета ў лютым ён пайшоў у адстаўку, а новага прызначэньня не адбылося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Украіны дзеля асаблівых даручэньняў па Беларусі Ігар Кізім пайшоў у адстаўку

«Важна, што спэцыяльны прадстаўнік цяпер будзе толькі ў пытаньнях Афрыкі. Бліжні Ўсход і Паўночная Афрыка (так званы рэгіён MENA) цяпер вылучаюцца ў асобны дэпартамэнт», — паведаміў украінскі міністар.

Апроч таго, цяпер у структуры МЗС Украіны зьявяцца новыя ўпраўленьні.

«Напрыклад, упраўленьне недружалюбных краін. Сюды будуць уваходзіць ня толькі Расея, але і яе хаўрусьнікі, такія як Паўночная Карэя або Беларусь. Тут ідзецца не пра двухбаковыя дачыненьні, а пра супрацьдзеяньне пагрозам. Украіна абараняецца ад поўнамаштабнай агрэсіі, і наша палітыка мае вызначаць прыярытэт нэўтралізацыі пагрозаў», — патлумачыў Андрэй Сыбіга.

Паводле яго, за гэты кірунак будзе адказваць першы намесьнік міністра. Цяпер на гэтай пасадзе працуе вядомы ўкраінскі дыплямат Сяргей Кісьліца, які зь лютага 2020-га да лютага 2025 году працаваў сталым прадстаўніком Украіны пры ААН. На трыбуне ААН ён ня раз падымаў пытаньне аб вывазе Расеяй у Беларусь украінскіх дзяцей пад выглядам «аздараўленьня».

Сяргей Кісьліца быў у складзе дэлегацыі для перамоваў з Расеяй, якія праходзілі ў Стамбуле (Турэччына).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Радзе Бясьпекі ААН заявілі, што Расея вывезла ў Беларусь пад выглядам «аздараўленьня» 3 тысячы ўкраінскіх дзяцей