«На паляне Барык у Падляшшы зьбяруцца беларусы з усяго сьвету, каб разам стварыць унікальную прастору культуры, салідарнасьці і сустрэч», — гаворыцца ў абвестцы арганізатараў.
Фэст пройдзе з 10 па 13 ліпеня на 2 гектарах маляўнічага ўрочышча Барык, у 30 км ад Беластоку і ў 20 км ад мяжы зь Беларусьсю. «Гэта сапраўднае месца сілы, дзе можна адчуць моц культуры і прыгажосьць прыроды», — пішуць арганізатары.
Ад пачатку фэстываль абуджаных TUTAKA задумваўся як прастора сучаснай беларускай культуры на Падляшшы, у рэгіёне, дзе спакон веку жывуць і захоўваюць сваю тоеснасьць этнічныя беларусы. «Пасьля падзей 2020 года ў Беларусі, як гаворыцца ў абвестцы арганізатараў, фэст атрымаў новае значэньне. Ён стаў месцам сустрэч беларусаў Падляшша і сьвету, усіх прыхільнікаў беларускай культуры і сяброў Вольнай Беларусі».
Заяўкі для ўдзелу ў фэстывалі можна падаваць да 7 ліпеня на сайце tutakafest.org па спасылцы.
Сёньня на ТГ-канале Сьвятланы Ціханоўскай зьявіўся яе і Сяргея Ціханоўскага відэа-заклік да беларусаў наведаць фэстываль:
«Фэст „Тутака“ — сапраўднае сямейнае сьвята. Кожны раз, калі я прыяжджала сюды, адразу трапляла ў кола блізкіх: прыгожых, неабыякавых, крэатыўных беларусаў і беларусак», — сказала Святлана Ціханоўская.
«Я доўгі час уяўляў, як далучуся да вас, каб пачуць вашыя галасы, пабачыць агонь у вашых вачах, падзяліцца думкамі і плянамі на будучае. Гэта ўсё мы з вамі зробім з 10 па 13 ліпеня на Падляшшы. Прыяжджайце на „Тутаку“, бярыце сяброў, клічце знаёмых», — далучыўся да закліку жонкі Сяргей Ціханоўскі.
Your browser doesn’t support HTML5
Рэпартаж з фэстывалю Tutaka