У Беларусі вырасьлі тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі і электрычнасьць

Ілюстрацыйнае фота

Тарыфы на ацяпленьне, электрычнасьць і гарачую ваду вырасьлі ў чэрвені 2025 году.

Чакаецца, што ў ліпені беларусы атрымаюць рахункі за некаторыя паслугі паводле падвышаных тарыфаў, піша «Люстэрка».

У прыватнасьці, тарыф на цеплавую энэргію для ацяпленьня і гарачай вады цяпер складае 27,2323 рубля за 1 Гкал (было 24,7187 рубля, плату падвысілі на 10,2%). Для менскай двухпакаёвай кватэры ў 50 квадратных мэтраў, у якой зарэгістраваны адзін чалавек, за спажыты аб’ём ацяпленьня ў 1,0163 Гкал паводле новых тарыфаў трэба заплаціць 27,68 рубля. Гэта на 2,56 рубля больш, чым было б за травень. Для кватэраў, у якіх ніхто не зарэгістраваны, а таксама для «дармаедзкіх», тарыфы паднялі з 1 студзеня. Яны прыкладна ў 4,8 раза вышэйшыя за льготныя.

З 1 чэрвеня таксама павялічылі некаторыя тарыфы на электрычнасьць. Гэта датычыцца тых гаспадарак, дзе электрычнае ацяпленьне. Да прыкладу, тарыф «тры капейкі» пад абаграваньне дамоў, які патрабуе спэцыяльнага дадатковага лічыльніка, з гэтага месяца павялічыўся на 1,1% — да 0,0454 рубля за 1 кВт-гадзіну. Гэта значыць, з чэрвеня за 1000 кВт-гадзін трэба заплаціць 45,4 рубля, у траўні гэты ж абʼём каштаваў 44,9 рубля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Піца, мядзьведзі і платныя карткі. Што зьменіцца ў Беларусі з 1 ліпеня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад зацьвердзіў новыя тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі ў Беларусі