Генэральны сакратар Рады Эўропы: Наша прыхільнасьць да свабоднай Беларусі застаецца непахіснай

Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ, архіўнае фота

Тры гады таму Рада Эўропы «разарвала стасункі з рэжымам» Аляксандра Лукашэнкі «за падтрымку агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны», але не адмовілася ад беларускага народу, заявіў генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ, перадае «Позірк».

У відэароліку, разьмешчаным 6 ліпеня на старонках арганізацыі ў сацыяльных сетках, Бэрсэ нагадаў, што ў 2022 годзе Рада Эўропы стварыла кантактную групу для ўзаемадзеяньня зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю.

«Кантактная група Рады Эўропы для Беларусі — гэта пасланьне: перамены пускаюць карані нават там, дзе адмоўлена ў дэмакратыі і заглушаюцца правы чалавека. Шлях можа быць доўгім, але наша прыхільнасьць новай — свабоднай — Беларусі застаецца непахіснай», — падкрэсьліў ён.

У роліку ацэньвае стварэньне гэтай групы беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская:

«Вельмі важна, што Рада Эўропы зрабіла гэты нестандартны, але значны крок — бо як краіна Беларусь ня ёсьць сябрам Рады Эўропы. Але вы адважыліся фармалізаваць стасункі з дэмакратычным рухам. Тут мы атрымліваем экспэртную падтрымку ў будучых рэформах, напрыклад, у фармаваньні бачаньня будучай Беларусі».

У падводзе да відэароліку на старонцы Рады Эўропы ў Фэйсбуку адзначана, што арганізацыя «пачуваецца забавязанай падтрымлліваць усіх беларусаў — і дома, і ў выгнаньні, тых, хто працуе дзеля дэмакратычных зьменаў і лепшай будучыні».

Кантактная група названая «праявай салідарнасьці і падтрымкі беларускага народу і міжнароднай супольнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і Рада Эўропы падпісалі дамову аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу. Што гэта азначае для Беларусі

Тры гады таму Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу перад Камітэтам міністраў Рады Эўропы заклікала стварыць кіраўнічы камітэт для сувязяў зь Беларусьсю.

Беларусь — адзіная краіна кантынэнту, якая ня стала сябрам Рады Эўропы. У сакавіку 2022 году супраца Рады Эўропы з рэжымам Лукашэнкі была прыпыненая праз падтрыманьне афіцыйным Менскам агрэсіі Расеі супраць Украіны. Тады ж была выключана з Рады Эўропы Расейская Фэдэрацыя.

У якасьці альтэрнатывы 7 верасьня 2022 году была створана кантактная група для супрацы Рады Эўропы з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.

Ад Рады Эўропы ў групе ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх палітычных структураў, у тым ліку яе Парлямэнцкай асамблеі (ПАРЭ) і Офісу камісара ў правах чалавека.

Рада Эўропы таксама дала дэмакратычным сілам асобны офіс у сваім будынку ў Страсбургу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дакумэнтах саміту ЭЗ тройчы згадалі Беларусь. Да чаго заклікаюць?